На мяжы Расеі з Беларуссю ўстаноўлена памежная зона. Такое распараджэнне аддаў дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Рашэнне прынята для «стварэння неабходных умоваў аховы дзяржаўнай мяжы РФ».
Рэгіянальныя кіраванні ФСБ у Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай вобласцях павінны ўсталяваць на мяжы папераджальныя знакі, а таксама вызначыць час і месца ўезду ў памежную зону.
Раней памежнай зоны на мяжы з Расеяй не было.
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзянаў, адзначае «Интерфакс» у навіне пра памежную зону на мяжы Расеі ды Беларусі.
Згодна з указам, скарыстацца бязвізавым уездам замежнікі змогуць з 12 лютага.
У Крамлі дакумент аб бязвізавым уездзе ў нашую краіну грамадзянаў 80 краінаў назвалі ўнутранай справай Менску, адзначыўшы, што з Масквой гэты крок узгадняўся.
«Гэта абсалютна ўнутраная справа Беларусі», – сказаў журналістам 10 студзеня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Каментуючы публікацыі медыяў на гэтую тэму, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што «адмена візаў не азначае адмены памежнага кантролю – як ён быў, так і ёсць».
«Цябе абавязкова правераць, хто ты такі, дакладна так, як у Расеі – пашпарт прадʼявіў, кампʼютар адзначыў. Нармальны чалавек – праходзь, пяць дзён жыві ў Беларусі. Не – кампʼютар адразу пакажа», – сказаў Лукашэнка.
Чытайце таксама:
ВД, НМ, паводле interfax.ru