Смяротны вырак для забойцы зачытвалі цягам 1,5 гадзіны. Твару падсуднага не відаць. Рукі ён трымае за спіною, хваляванне выдаюць толькі рухі пальцаў ды тое, як ён прамінаецца з нагі на нагу.
На паседжанні ў Гарадзенскім абласным судзе прысутнічалі каля 20 асобаў, у тым ліку – родныя забітых ды журналісты. Большую частку зачытанага выраку склалі апісанні траўмаў, якія Іван Кулеш нанёс сваім ахвярам: пераломы, кровападцёкі ды інш.
Найстарэйшым са сваякоў ахвяраў суддзя Анатоль Заяц прапаноўвае прысесці, каб не слухаць усю прамову стоячы…
Суд прызнаў Івана Кулеша вінаватым у трох забойствах, здзейсненых на Лідчыне ў 2013 і 2014 гг. Гэта былі злачынствы, здзейсненыя з асабліваю жорсткасцю: трох жанчын-прадавачак падсудны забіў, карыстаючыся кавалкам жалезнай трубы ды сякераю. Усё – дзеля грошай ды рабунку (з крамы браў алкаголь, цыгарэты, цукеркі).
Злавілі Кулеша год таму ў цягніку ў Наваельні: разам з сябрам ён накіроўваліся ў Баранавічы, каб выдаткаваць там нарабаваныя грошы. Сваіх «заслугаў» забойца не хаваў, распавёўшы пра ўсё ў падрабязнасцях спачатку сукамернікам, пасля – аператыўнікам.
Псіхіятрычная экспертыза выявіла ў Кулеша «дысацыяльнае расстройства асобы», але агулам прызнала адэкватным на момант здзяйснення злачынстваў.
Адвакат забойцы, які настойваў на пажыццёвым зняволенні, цягам працэсу адмаўляўся кантактаваць з журналістамі.
Працаўнікі міліцыі трымаліся даволі напружана, магчыма, чакалі нейкіх правакацыяў або неадэкватных паводзінаў з боку прысутных або абвінавачанага. Усіх, хто заходзіў у залу, правяралі металадэтэктарам. Звонку, на скрыжаванні вуліц Карбышава і Васілька сітуацыю пільнавалі міліцыянты ў цывільным (у аператара «Белсату», які застаўся звонку, двойчы правяралі дакументы і змесціва торбаў).
Іван Кулеш усё паседжанне трымаўся спакойна, стоячы ў клетцы тварам да суддзі. Інкрымінаваныя артыкулы – гэта «Разбой», «Крадзеж», «Замах на забойства» і «Забойства». Паводле сукупнасці злачынстваў быў вынесены вырак: выключная мера пакарання – растрэл.
Пасля абвяшчэння выраку і заканчэння паседжання з залі вывелі прысутных, апошнім – абвінавачанага, ужо з закрытымі за спіной кайданкамі.
«Цягам гэтага ўсяго я страціла зрок, здароў, надзею ўсялякую… – скрозь слёзы кажа маці забітай прадавачкі Аляксандра Казак, – таму выракам я задаволеная. Каб толькі хутчэй! І ніякіх ільготаў! …Ён жа жыў 10 месяцаў у доме насупраць нас! Як так можна?!..»
На выхадзе з суда прысутныя нейкі час пастаялі некалькімі групкамі: асобна журналісты з дзяржаўных і незалежных СМІ, асобна – родныя забітых. Адвакат сышоў, мабыць, адным з першых, ні з кім не размаўляючы. Праз хвілін 10 усе разышліся, а неўзабаве – з задняга дворыка абласнога суду ад’ехаў міліцэйскі спецаўтобус з забойцам. Браму адчынялі і зачынялі ўсё тыя ж нервовыя міліцыянты, аддаючы каманды на павышаных танах.
Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Еўропе, дзе выносяць і выконваюць смяротныя прысуды. Нават у Расеі дзее мараторый на смяротнае пакаранне.
«Зразумела, калі вышэйшай меры патрабуюць родныя, – гаворыць праваабаронца з цэнтру «Вясна» Віктар Сазонаў, – але калі так прагне грамадства – гэта насцярожвае. Менш злачынстваў жа ад гэтага не стане. Павінна быць прафілактыка».
Віктар Сазонаў мяркуе, што ўлады пакуль не зразумелі, што падобныя моманты сапраўды важныя для Еўропы, і толькі таму тэма смяротнага пакарання пакуль не сталася «паўнавартасным прадметам гандлю».
АК, belsat.eu
Фота belapan.com