Суд Цэнтральнага раёну Гомля 5 студзеня прыцягнуў у якасці суадказчыка тэлеканал «Белсат» па пазову начальніка Лоеўскага раённага аддзелу ўнутраных справаў Уладзіміра Бухаўцова да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Гаворка ідзе пра матэрыял, размешчаны на belsat.eu «Міліцыянты б’юць журналістаў. Міліцыянт падае ў суд на Кастуся Жукоўскага».
Праваабаронца падаў дзевяць розных хадайніцтваў, каб вызначыць сутнасць прэтэнзіяў міліцыянта. Апошні лічыць, што ягоны фотаздымак нельга змяшчаць, калі гаворка ідзе пра крымінальныя справы і нават хабарніцтва ў асяродку міліцыянтаў.
Суддзя Ірына Звонка абавязала Уладзіміра Бухаўцова канкрэтызаваць свае пазоўныя патрабаванні. Бухаўцаў, у прыватнасці, просіць суд прызнаць:
«звесткі з відэаматэрыялаў размешчаных у сетцы Інтэрнэт, у тым ліку і на тэлеканале “Белсат” абражаюць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, у скаргах і публічных выступах […] падчас выбарчай кампаніі грамадзянінам Жукоўскім К.І. пра мае неправамерныя дзеяннi у ходзе выканання службовых абавязкаў».
Пры гэтым Бухаўцоў заўважыў суду, што яму хутка на пенсію, і ён не жадае, каб сваякі і знаёмыя адклікаліся пра яго негатыўна. Падпалкоўнік міліцыі не называе канкрэтныя выразы і інтэрнэт-рэсурсы.
Пазоўнік прыводзіць відэазапіс апытання Жукоўскім жыхароў Лоева пра дзейнасць міліцыі на фоне надпісу: «МУС – гестапа», а таксама паведамляе, што 15 ліпеня Кастусь Жукоўскі праспрабаваў запалохаць супрацоўнікаў РАУС праз тэлефон спецыяльнай лініі міліцыі 102.
Суд абавязаў аўтара пазову прадставіць на гэты конт аўдыё і відэаматэрыялы.
Адказнік Жукоўскі направіў у МУС РБ заяву аб правядзенні службовай праверкі адносна правамернасці дзейнасці начальніка РАУС Лоеўскага райвыканкаму:
Лічу, што пры вырашэнні прыватных пытанняў, у тым ліку і пры накіраванні ў суд грамадзянскага зыску аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды дзеючы начальнік РАУС Лоеўскага райвыканкаму не мае права выкарыстоўваць сваё службовае становішча.
Працяг суду па справе Жукоўскага адбудзецца 16 студзеня. Праваахоўнік дамагаецца зняпраўджвання Кастусём Жукоўскім згаданай інфармацыі ў друкаваных медыях і спагнання з журналіста грашовай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры Br 2000.
Чытайце на belsat.eu
ВД, паводле baj.by