Аляксандру Францкевічу далі 25 содняў арышту


Два амапаўцы паказалі ў судзе, што анархіст «паводзіў сябе падазрона, уцякаў ад міліцыі і нецэнзурна лаяўся».

Рашэнне аб арышце прыняў суддзя Савецкага раёна сталіцы Арцём Бескішскі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Актывіста анархісцкага руху абвінавацілі ў парушэнні адразу 2 артыкулаў: арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы).

Сведкамі ў судзе выступілі супрацоўнікі АМАП Сіняк і Палавінкін. Абодва паказалі, што знаходзячыся па адрасе Незалежнасці, 58, грамадзянін Францкевіч паводзіў сябе падазрона: хадзіў уперад-узад, тузаўся, нерваваўся, чым і прыцягнуў да сябе ўвагу, перадае сайт «Вясны». Сведкі распавялі, што яны нібыта прадставілася, паказалі пасведчанне, пасля чаго маладзён пачаў уцякаць. Калі яго дагналі, яму яшчэ раз паказалі пасведчанне, ён у сваю чаргу пачаў лаяцца грубай нецэнзурнай лаянкай, пагражаць непрыемнасцямі на працы. Пасля гэтага быў папярэджаны аб прымяненні фізічнай сілы, пасаджаны ў службовую машыну і дастаўлены для разбіральніцтва ў РУУС Савецкага раёна. Ноч да суду Аляксандр Францкевіч правёў у ізалятары на Акрэсціна.

Прычынай затрымання могуць быць акцыі, праведзеныя нядаўна актывістамі анархісцкага руху, а таксама фотаздымкі супраць адвольных затрыманняў, апублікаваныя ў інтэрнэце. Зараз высвятляюцца абставіны і падставы затрымання, а таксама ў які РУУС быў дастаўлены затрыманы.

Аляксандр Францкевіч быў прызнаны палітвязнем пасля таго, як у траўні 2011 года яго асудзілі па гэтак званай «справе анархістаў» да трох гадоў пазбаўлення волі. «Справа беларускіх анархістаў» была заведзена пасля нападу на расейскае пасольства ў Менску 30 жніўня 2010 года, калі быў закінуты кактэйль Молатава ў машыну, прыпаркаваную на стаянцы ля дыпламатычнага прадстаўніцтва Расейскай Федэрацыі ў Беларусі. Гэта была своеасаблівая акцыя салідарнасці з расейскімі палітычнымі зняволенымі, пратэст супраць рэпрэсій у Расеі. Сама акцыя прывяла не да вызвалення актывістаў суседняй краіны, а да пераследу ўжо беларускіх анархістаў. Аляксандра абвінавацілі ў падпале шэрагу дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. У пачатку верасня 2013 года Аляксандр выйшаў на волю, падае humanrightshouse.org.

Гэта не першае затрыманне былога палітвязня пасля вызвалення.

МЯ, паводле spring96.org, humanrightshouse.org

Стужка навінаў