1812 год: Надзея, якая не спраўдзілася


У чаканні шанца на адраджэнне.

Вялікае Княства Літоўскае перастала існаваць у 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыятычнае паўстанне нашага земляка Тадэвуша Касцюшкі не змагло ўратаваць дзяржаву, якая затрымалася з рэформай арміі, дзяржаўнага апарата і эканомікі.

У складзе Расеі нашы землі былі падзеленыя на т.зв. «літоўскія» губерніі (Віленская, Менская і Гарадзенская) і «беларускія» губерніі (Віцебская і Магілёўская).

Аднак тысячы жаўнераў і аднадумцаў генерала ЗША і Рэчы Паспалітай не збіраліся складаць зброю і лёс іх прывёў у армію адзінай краіны, якая тады змагалася амаль супраць усёй Еўропы – у армію Францыі. Ураджэнцы Вялікага Княства і Каралеўства Польскага ў складзе французскіх арміяў змагаліся ў Італіі, нямецкіх землях, у Іспаніі і нават на Гаіці, і шмат хто ў Літве з нецярпеннем чакалі навінаў з Францыі.

Як змагаліся ўланы ВКЛ: у Беларусі правялі рэканструкцыю напалеонаўскіх бітваў. ФОТАРЭПАРТАЖ

Літоўскія ўланы ў 1812 годзе (фотаздымак alternathistory.com)

У 1812 годзе ўсё ішло да разрыву адносінаў паміж Францыяй і Расеяй – расейскі цар Аляксандр І практычна адкрыта не выконваў умоваў Тыльзіцкага міра, падпісанага ў 1807 годзе з Французскай імперыяй.

Зараз ужо вядома, што імператар Напалеон Банапарт чакаў першага ўдару з боку расейскіх арміяў – і менавіта такія планы распрацоўваліся расейскімі генераламі. Летам 1812 году планавалася сустрэць войскі Аляксандра ў Польшчы і разграміць іх, каб зноў прымусіць Пецярбург да выконвання сваіх абавязкаў.

Рашучы момант

Аднак змена палітычнай сітуацыі (найперш, у пазіцыях суседніх Прусіі і Аўстрыі) прымусіла абодва бакі пераглядзець свае планы і памяняцца месцамі. 24 чэрвеня 1812 году напалеонаўская армія перайшла праз Нёман, і ўжо 28-га была ў Вільні.

17-ты ўланскі полк Вялікага Княства Літоўскага

Першым у старажытную сталіцу ўступіў 8-мы ўланскі полк, якім камандаваў князь Дамінік Радзівіл. Насельніцтва сустрэла змену ўлады з сімпатыяй, і вельмі хутка жыццё ў горадзе вярнулася ў спакойнае рэчышча.

Не надта адрознівалася рэакцыя гараджанаў і сялянаў, нават у цэнтры і на самым усходзе сучаснай Беларусі:

«Непрыяцель паўсюль прымаецца жыхарамі з сімваламі сяброўства, але і там, дзе яго няма, але ён толькі чакаецца, яны як бы сустракаюць гасцей, натоўп там, адкуль чакаюць ягонага прыходу, а жыхароў, якія супраць гэтага, вельмі малая частка», – адзначаў чыноўнік расейскай паліцыі П.А.Шлыкаў.



Дамінік Радзівіл у форме ўлана напалеонаўскай арміі.

Мясцовае хрысціянскае насельніцтва было настолькі антырасейскае, што для выведкі ва ўсходніх беларускіх губернях расейцам прыходзілася выкарыстоўваць жыдоў, піша сучасны акадэмічны расейскі гісторык Андрэй Папоў.

Расейская армія адступала, спальваючы ўсе магчымае на сваім шляху. І гэта ніяк не магло выклікаць сімпатый насельніцтва. У некаторых месцах нават звычайныя беларускія сяляне нападалі на добра ўзброеныя атрады расейскай арміі, якія адступалі:

«Гнілакішкін Панцеляймон Маркавіч займаў пасаду палкавога квартырмейстара. 10 ліпеня 1812 году ён ішоў да Полацку на чале з абозам з сухарамі (30 сялянскіх падвод з 25 жаўнерамі) і стаў ахвярай нападу ўзброеных сялянаў. Страты канвою склалі 7 чалавек забітых і палонных», – паведамляе расейскі гісторык В.М.Безатосны ў каментарах да аднаго з загадаў расейскай арміі.

Падобныя выпадкі адбываліся на Піншчыне, Меншчыне, Ашмяншчыне – па ўсёй сучаснай Беларусі. З таго, што мясцовае насельніцтва было масава настроена антырасейскі, пасля вайны Аляксандру І нават прыйшлося абвесціць поўную амністыю – масавыя пакаранні шляхты, сялянаў і гараджанаў маглі проста выклікаць новае паўстанне.

Новае Княства

Адразу было абвешчана адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага – на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губерняў і часткі Беласточчыны. Пры гэтым хоць польскія актывісты заклікалі неадкладна абʼяднаць княства з польскімі землямі, вялікая частка мясцовай шляхты выказалася за самастойнае існаванне.

Галоўнай установай цывільнага кіравання стала Камісія Часовага Ураду з 7 чалавек (Аляксандр Сапега, Аляксандр Патоцкі, Юзаф Серакоўскі, Карл Прозар, Станіслаў Солтан, Франц Ельскі, Ян Снядзецкі). Камісія займалася зборам падаткаў, фармаваннем узброеных сіл, жандармерыі і суда.

У гарадах Вялікага Княства стваралася нацыянальная гвардыя – апалчэнне ўсіх мужчын ад 18 да 50 год, якія валодалі нерухомасцю.

 

Герб Пагоня з бляхі ўлана 17-га палка Вялікага Княства Літоўскага (фотаздымак lstr.by)

Асобна ствараліся рэгулярныя часткі арміі Княства – 5 пяхотных і 4 кавалерыйскіх (уланскіх) палка. У кожным палку павінна было быць 2005 афіцэраў і жаўнераў, а ў кавалерыйскіх – 940. На галаўных уборах байцы неслі старажытны герб сваёй  Радзімы – Пагоню.

Маладых добраахвотнікаў з нашай шляхты запрасілі ў эліту напалеонаўскай арміі – з іх стварылі кавалерыйскі полк імператарскай гвардыі пад камандаваннем генерала Канопкі. У якасці разведчыкаў да гвардзейцаў далучылі эскадрон Мустафы Ахматовіча – з літоўскіх татараў.



Рэканструкцыя. Кавалерыя Вялікага Княства ў 1812 годзе.

Да таго ж у расейскай арміі служыла шмат літоўска-беларускіх ураджэнцаў. З пачаткам вайны яны пачалі масава ўцякаць да сваіх. Толькі адзін 18 пяхотны літоўскі полк атрымаў 354 перабежчыка.

Пры ўсіх цяжкасцях – для новай арміі не хапала зброі, уніформы, рыштунку – да зімы 1812 года зброю ўзялі 19 тыс. чалавек, каб змагацца за свабоду Бацькаўшчыны.

Крах надзеяў

Вайна 1812 года не па віне нашых продкаў закончылася паражэннем Банапарта. Імператарская армія адступала на захад і ўсё больш пераўтваралася ў стыхійны натоўп галодных і абадраных жабракоў.



У францускай традыцыі – Бітва пад Масквой. У расейскай – Барадзінская (фотаздымак карціны «Bataille de la Moskova» з poznamka.ru)

Каб уратаваць рэшткі войска, што адступала, маладыя літоўскія палкі прынялі на сябе ўдар дасведчаных расейскіх арміяў, якія мелі перавагу. 22-гі і 23-ці пяхотныя палкі і 18-ты ўланскі полк амаль цалкам загінулі ў бітве 13 лістапада пад Новасвержнем. Гвардзейскі полк Канопкі адчайна змагаўся ў баю пад Слонімам, іншыя часткі абаранялі Вільню.



18-ты пяхотны полк Вялікага Княства Літоўскага. Календар, праект беларускіх рэканструктараў

10 снежня 1812 года сталіца Княства зноў была захопленая расейскім войскам. Аднак палкі нашых продкаў працягвалі змаганне да самага канца напалеонаўскай эпапеі – пакуль імператар Францыі не адрокся вясной 1814 года.

Мара на 200 год

У нейкай ступені сітуацыя 1812 года стала для жыхароў нашай зямлі прыкладна такім жа шанцам, як Першая і Другая сусветныя войны – людзі, якія хацелі адраджэння самастойнай дзяржаўнасці, спадзяваліся на ўзброены канфлікт, каб аслабіць праціўнікаў і атрымаць моцных саюзнікаў.

У 1917 годзе вайна выклікала рэвалюцыю, якая прывяла да раскладу Расейскай імперыі, імклівай мабілізацыі маладога беларускага нацыянальнага руху і да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падчас Другой сусветнай вайны шмат якія беларусы таксама спадзяваліся на ўратаванне – хто з боку СССР, хто з боку Нямеччыны. Спачатку шмат якія заходнія беларусы з радасцю сустракалі савецкія войскі, а потым, зведаўшы «савецкага шчаслівага жыцця» – ужо і заходнія, і ўсходнія беларусы – часта віталі нямецкія войскі.

 

Так выглядаў ваяр з 22-га палка ВКЛ

Аднак аказалася, што адныя акупанты не лепш за іншых, і пераважная большасць беларускіх нацыяналістаў ужо ў 1941-1942 годзе сталі разлічваць на варыянт, калі і Нямеччына, і СССР настолькі вычарпаюць свае рэсурсы, што абедзве злачынныя імперыі разваляцца. У чаканні гэтага было вырашана максімальна развіваць свае ўзброеныя і палітычныя сілы – аднак гэты варыянт не спраўдзіўся.

У пачатку 19 ст. свет быў куды менш крывавым, і жыхары Вялікай Літвы не стаялі перад такім трагічным выбарам, які прыйшлося рабіць беларусам у часы Другой сусветнай. Але стратэгія «спаленай зямлі», разбурэнні, рабаванні вайсковага часу тым не менш ляглі вельмі вялікім цяжарам на плечы нашых продкаў. Голад, зброя і эпідэміі забівалі і мірных жыхароў, і тых, каго мабілізавалі ў расейскую армію, і тых, хто пайшоў служыць у армію адроджанага Вялікага Княства.

Колькасць насельніцтва скарацілася на 15-20%, былі выпаленыя шмат якія гарады і вёскі.

«Праедзеш Воршу, Дуброўну, Барысаў, Менск і нічога не заўважыш, акрамя беднасці ў народзе, паўсюднага разбурэння – непазбежнага наступства вайны!», – адзначаў у запісках удзельнік вайны расейскі афіцэр і паэт Фёдар Глінка.

Аднак бязлітаснае выпампоўванне людской крыві і матэрыяльных рэсурсаў з земляў ВКЛ працягвалася і тады, калі вайна пакінула нашыя землі. Тысячы тонаў хлеба, мукі, тысячы галоў быдла высмоктвала царская адміністрацыя з разбураных вайной беларускіх паветаў. Цару трэба было папаўняць і карміць сваё войска, якое пайшло на нямецкія, а потым і на французскія землі.



lstr.by вырабіў цішотку ў памяць аб ваярах 1812 года.

А там, у Францыі і Нямеччыне, у 1813 і 1814 гадах працягвалі сваю вайну супраць расейскага захопніка тыя сыны Вялікага Княства, якія ўзялі зброю ў рукі ў надзеі на адраджэнне сваёй Бацькаўшчыны. У 1830 годзе шмат якія з іх, хто вернецца дамоў, пойдуць у бой яшчэ раз, а ў 1863 годзе стануць у шыхты паўстанцкіх партызанскіх атрадаў іхныя дзеці і ўнукі.

У гэтым збройным змаганні, у дыскусіях і спрэчках філаматаў і філарэтаў, у рэфлексіях паэтаў будуць на працягу 19 стагоддзя паступова выкоўвацца са старой шляхецкай літоўска-польскай свядомасці Рэчы Паспалітай самастойныя нацыянальныя рухі – польскі, летувіскі і беларускі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў