«Белсат» звязаўся з хлопцам, які выклаў фотаздымак кадэтаў у саколках з «Пагоняю». У размове праз «Укантакце» курсант Мікіта Далматаў паведаміў, што яму і ягоным сябрам пагражаюць адлічэннем, але потым адмовіўся ад сваіх словаў.
У размове праз сацыяльныя сеткі адзін з курсантаў, што фігуруе на здымку з “Пагоняй” прызнаўся, што праблемы ў іх «пачаліся 15 хвілін таму»:
«за родны герб нас чатырох адлічваюць, адміністрацыя прыпісала нам вельмі шмат. Кажуць, што намі займаецца КДБ», – напісаў Мікіта Далматаў.
У размове праз тэлефон хлопец пацвердзіў гэтыя словы, але дадаў, што сітуацыя з адлічэннем канчаткова высветліцца ў панядзелак, а ягоныя сябры пакрыўдзіліся на фатаграфію, бо ён, маўляў, выклаў здымак без іх ведама.
Кадэт папрасіў не прыязджаць у Ястрамбель, дзе знаходзіцца філіял вучэльні, з камерамі, каб не пагоршыць сітуацыю.
Праз 5 хвілін Мікіта даслаў паведамленне пра тое, што размовы пра адлічэнне гэта… розыгрыш:
«Гэта жарт, вы разумееце гэта?», – напісаў кадэт.
Адлічваць хлопцаў, і праўда, няма за што: міністр унутраных справаў заяўляў, што адказнасці за выкарыстанне герба «Пагоня» не існуе. І тым не менш на апошнім футбольным матчы Беларусь-Македонія менавіта саколкі з беларускім гербам сталіся падставаю для зачэпак з боку міліцыянтаў.
ДД, belsat.eu