Каронакрызіс. Параўналі дзяржаўную дапамогу ў Беларусі ды іншых краінах


Дзяржава перавяла на картку $ 3400 на сям’ю. Або пералічыла цягам некалькіх дзён € 14 000 на падтрыманне ўласнай справы. Не, гэта не Беларусь. Гэта ЗША і Нямеччына. Беларусы ў чужых краінах атрымліваюць большую дапамогу, чым тыя, хто застаўся на радзіме.

Вераніка працавала ў Менску аніматаркай, была аформленая як ІП, сплачвала падаткі. І літаральна ў адзін момант засталася без замоваў. А значыць, і без заробку.

«Рэзка за тыдзень усе адмовіліся і сказалі, што мы будзем святкаваць самі дні народзінаў», – згадвае Вераніка Скарб.

Але жыццё не спынілася, трэба карміць дзяцей і аплачваць арэндную кватэру. Хутка стала зразумела, што такая сітуацыя – надоўга. Жанчына дастала свой педагагічны дыплом і пачала шукаць працу ў дзіцячых дамах і інтэрнатах. І вось калі знайшла, хоць і са значна меншым заробкам, зноў умяшаліся каронавірус і каранцін.

«Праз каранцін яны часова прыпынілі браць людзей на працу, – Вераніка не стрымлівае шкадавання. – Яны мне далі накіраванне на медагляд, я яго прайшла. Але цяпер у іх форс-мажор, і рашэнне ўжо не дзейнічае».

Жанчына ізноў стала хадзіць на сумоўі, але вакансіі хутка знікаюць. Арэндадаўца знізіць плату за кватэру адмовіўся. Скарбонкі, у якую параіў залезці кіраўнік краіны, у Веранікі няма. Дзяржава падтрымаць іпэшнікаў, якія ўмомант сталі беспрацоўнымі, не надта імкнецца.

«Я не бачу яе, не адчуваю і нават не ўяўляю, як гэта», – губляецца Вераніка.

Тым часам Нямеччына, напрыклад, аператыўна паставіла аплату падаткаў на паўзу і дапамагла прадпрымальнікам грашыма. Напрыклад, Максім. Ён музыка, грае у гурце «Super Besse», а цяпер трымае ў Берліне ўласную музычную студыю. Ён мае часовы від на жыхарства, але пра яго таксама не забыліся.

«Літаральна на наступны дзень мне на рахунак студыі прыйшлі € 14 000, якія дапамогуць на два месяцы выкруціцца з аперацыйных выдаткаў», – распавядае Максім Кульша.

Belsat Music Live
Гурт, які вярнуў моду на пост-панк. Super Besse – у #BML
2020.02.22 20:30

Каб атрымаць грошы, дастаткова зарэгістравацца на адмысловым сайце, стаць у чаргу і пакінуць рэквізіты кампаніі. Для нашага чалавека такая дапамога – вялікая нечаканка. Таму спачатку Максім ні на што не спадзяваўся і разлічваў толькі на сябе.

«У мяне былі нейкія невялікія назапашванніі, але іх хапіла б на нейкіх паўмесяца аплаты аперацыйных выдаткаў. І я планаваў браць крэдыт і яшчэ прадаваць ваўчары», – апавядае Максім.

Ваўчары – заняткі ў студыі наперад – таксама дазволілі сабраць за дзень каля € 2000.

Польшча сваім грамадзянам выплачвае дапамогу за прастой на працы, падтрымлівае самазанятых, адклала выплаты банкам і страхавым фірмам, а бізнесу прапанавала грошы ў пазыку. Адтэрміноўкі за крэдыты ўвялі і ў Расеі, бізнес падтрымалі льготнымі крэдытамі. Працоўным паабяцалі захаваць заробкі, а бацькам малых дзяцей і пенсіянерам абяцаюць даплаты. Нават невялікая Літва сваім грамадзянам гарантуе мінімальны заробак, падтрыманне самазанятых і падатковыя канікулы.

Асабісты капітал
Мільён беларусаў могуць застацца без працы
2020.04.06 20:05

На што можа разлічваць беларус, губляючы працу? Магчымая адтэрміноўка падаткаў для іпэшнікаў. Br 54 дапамогі як беспрацоўнаму. Або павышаныя тарыфы ЖКГ для дармаедаў – калі не стане на ўлік. Усё.

Уладзімір ужо 15 гадоў жыве ў ЗША, у Нью-Ёрку. Сам працуе на заводзе, а жонка зарабляла ультрагукавой дыягностыкай. З-за каранціну жанчына засталася без працы. Дзяржава аўтаматычна, без бюракратызму, пералічыла ім на картку $ 1200 на дарослага і $ 500 на дзіця.

«Тут іншае стаўленне да дзяржавы, у сэнсе таго, што дзяржава павінна гэта даваць, – тлумачыць Уладзімір Рыжыкаў. – Па-першае, дзяржава дае мне раз на год падатковае вяртанне. Я не буду казаць колькі, але паверце, гэтага дастаткова, каб з’ездзіць усёй сям’і ў адпачынак на некалькі тыдняў. А тое, што зараз здарылася, ну, мне прыемна».

Паводле мясцовых мерак гэта невялікія грошы, якіх сям’і хопіць на пару тыдняў. Застацца без працы надоўга тут таксама ніхто не можа сабе дазволіць. За месяц у сямʼі абавязковых выдаткаў набягае на $ 5000–6000.

«Гэта арэнда дому ў нашым выпадку, у кагосьці – кватэра, гэта плацяжы за дзве машыны, плацяжы банку і страхоўка, гэта садок, гэта падоўжанка ў школе, ну, тэлефон, святло, ну, газ, вада», – пералічае Уладзімір.

А на што можа спадзявацца беларус у найлепшым выпадку? Што пасля таго, як ён самастойна выкруціцца, яму не давядзецца плаціць штрафу або дадатковага падатку.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?
  • Вакансіі ёсць – працы няма. Як так атрымалася?
  • Што можна зрабіць, каб вам адрамантавалі дарогу?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».