COVID-19: Стоўбцы – чырвоны пункт на мапе

Сёння Стоўбцы – чарговы чырвоны пункт на мапе Беларусі. Ледзь не кожны дзень з гэтага 17-тысячнага раённага цэнтру на Меншчыне прыходзяць трывожныя звесткі пра хворых і памерлых ад каронавіруснай інфекцыі ды пнеўманіі.

«Толькі за апошнія содні, за апошнія дні адбываецца выбух, шмат памірае людзей ад каронавіруса», – кажа жыхарка Стоўбцаў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, раённы шпіталь перапоўнены пацыентамі, таму хворых размяшчаюць у аздараўленчых лагерах «Церамок» і «Нёман». А на мясцовых могілках ледзь не штодзень хаваюць памерлых у зачыненых трунах. Жыхары Стоўбцаў:

«Шэсць, пяць, адзінаццаць, не менш. Гэта толькі тут, на нашых могілках. А яшчэ вясковыя вазьміце».

«Былі тут нядаўна. Не было столькі, колькі цяпер магілак свежых».

«Што мы будзем жэрці? Але так жа нельга. Людзі нешта знойдуць паесці, іх трэба інфармаваць, што сапраўды ёсць бяда».

Мясцовая раённая газета «Прамень», штопраўда, бяды не заўважае і зняпраўджвае звесткі з публікацыяў у інтэрнэце. А ў сталіцы жыхары інтэрнату Станкабудаўнічага заводу імя Кірава, на вуліцы Батанічнай, распавялі «Белсату», што ў будынку выявілі шэсць выпадкаў заражэння каронавірусам, адзін пацыент у рэанімацыі. Некаторыя з дыягназам «Ковід-19» засталіся ў самаізаляцыі. Вахцёрка інтэрнату:

«Гэтыя людзі сядзяць, не выходзяць, і сюды нікога не пускаем», – кажа вахцёрка інтэрнату.

«Якая самаізаляцыя? Я вас прашу. Мы тут усім інтэрнатам ужо ўсе пагарым».

«Ведаю, што ў мяне сусед у шпіталі, а канкрэтна з чым, не ведаю», – кажуць жыхары інтэрнату.

Згодна з афіцыйнымі лічбамі, апошнія 10 дзён штодзённы прырост хворых на «Ковід-19» у Беларусі сягае амаль 10 адсоткаў. За апошнія содні хваробу выявілі ў 826 чалавек. Жыхары Магілёва падзяліліся думкамі пра захады:

«Кантактаў больш, няма каранцінных захадаў. Магчыма, сродкаў індывідуальнай абароны не хапае, можа, хтосьці не хоча іх па нейкіх прычынах насіць».

«Калі б усе мылі рукі, дэзынфікавалі, то ўсё было б па-іншаму».

«У нас працягваюцца спартовыя імпрэзы, тыя самыя суботнікі».

«Іншым краінам гэта не перашкаджае павялічваць колькасць захварэлых».

На сёння лабараторыі правялі больш за 150 тысяч тэстаў на каронавірусную інфекцыю. У айчынную статыстыку пакуль не ўлучалі тэстаў на антыцелы да каронавіруса: іх паступлення чакаюць напрыканцы гэтага месяца. Святлана Загародняя, вірусолаг інстытуту мікрабіялогіі і вірусалогіі НАН Украіны, тлумачыць:

«З аднаго боку, адмоўны вынік такога тэсту не паказвае, што ў вас няма вірусу на гэты момант. Станоўчы вынік кажа пра тое, што ў вас ёсць антыцелы і ваш арганізм меў сустрэчу з гэтым аўтагенам».

Цяпер пытанне – калі чакаць канца пандэміі. Паводле прагнозу сінгапурскіх аналітыкаў, да 14 жніўня выбух каронавіруса ў Беларусі завершыцца, пасля чаго новых выпадкаў быць не павінна. А паваротны дзень у сітуацыі з «Ковід-19» у нашай краіне мусіць наступіць паслязаўтра, 29 красавіка.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама