Лукашэнка ў новай сістэме Пуціна


RUРэформа ўлады ў Расеі магла б стаць гістарычным шанцам Аляксандра Лукашэнкі, які сёння купляе нафту ў Нарвегіі, бо не можа дамовіцца са сваймі бліжэйшымі саюзнікамі. Падставай для такога «белэкзіту» магла б стаць, напрыклад, прапанова Пуціна аб перавазе расейскага заканадаўства над міжнародным. Беларусі, аднак, не ўдасца выйсці з праекту Саюзнай дзяржавы пад шумок пуцінскіх зменаў: мы хутчэй захраснем там яшчэ глыбей. Пра сапраўдны рэцэпт магчымага выхаду адтуль ды нашае месца ў сістэме расейскага транзіту ўлады – у сюжэце праграмы «ПраСвет».

Рэформа ўлады, якую анансаваў Уладзімір Пуцін, дасць яму кіраваць краінай, пакуль дазволіць біялогія.

«Прэзідэнт пастанавіў, згодна з вядомай прымаўкай, што лепш не катаваць ката, а адсекчы хвост адразу», – заўважае намеснік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімір Жарыхін.

Замест аднаго адсечанага хваста вырастуць чатыры галавы: паўнамоцтвы прэзідэнта неўзабаве размяркуюцца паміж урадам, парламентам і новым канстытуцыйным органам улады, Дзяржсаветам, – відаць, апошнім прытулкам Пуціна, адкуль ён будзе кіраваць краінаю пасля 2024 г.

ВІДЭА
Пуцінскі «план Б» і Лукашэнка
2020.01.20 12:00

Галоўная мэта нечаканых зменаў – перастрахавацца ад магчымай смуты ды падрыхтаваць Расею да жыцця без Пуціна, калі таго не стане. А таксама змяніць імідж у вачах Захаду, для якога чатыры галавы расейскага арла паступова могуць стаць сінонімам дэмакратыі.

«Расейская Федэрацыя зацікаўленая захаваць за сабою статус супердзяржавы, што дазволіць ёй рана ці позна выйсці з-пад санкцыяў і зрабіць скачок у тэхналагічным плане. З другога боку падстрахавацца і адаптавацца да зменаў у глабальнай палітыцы і эканоміцы», – кажа Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні.

Адна з найважнейшых рысаў пуцінскага плану – узмацненне кантролю ўздоўж межаў. У выпадку з нашай краінай рабіць гэта будуць перадусім праз уваход у ключавыя галіны беларускай эканомікі, але таксама праз культурніцкі ўплыў і выхаванне беларускай нацыі на свой лад не толькі праз тэлевізійныя, але і іншыя каналы: дастаткова паглядзець, колькі філіялаў расейскіх універсітэтаў ужо цяпер працуе ў Беларусі. Гэта дазволіць Маскве абмежаваць манеўранасць Менску і трымаць яго на палітычнай прывязі.

«Сутнасць – прывязаць Беларусь, каб яна не сышла, як Украіна. Гэта дальнабойная стратэгія: і пры Пуціне, і пасля Пуціна яны будуць старацца калі не анексаваць або інкарпараваць Беларусь нейкім чынам, то моцна прывязаць і пераўтварыць у марыянеткавую дзяржаву», – заяўляе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

ВІДЭА
Сям’я Лукашэнкі страчвае ад інтэграцыі
2020.01.04 10:10

Марыянеткавасць будзе азначаць беднасць. Недарма на змену сябрам Пуціна ў расейскую ўладу прыйшлі людзі з калькулятарамі тыпу Міхаіла Бабіча, прагматызм якога так моцна раздражняў Лукашэнку. Такіх бабічаў ва ўрадзе Мішусціна цяпер палова.

«Пуцін паабяцаў электарату розныя пернікі і дадатковыя бонусы, якія будуць вымагаць пошуку грошай. Думаю, будуць старацца заашчадзіць на ўтрыманні беларускага хаўрусніка», – працягвае Аляксандр Класкоўскі.

Спробы Беларусі наладзіць дабрабыт будуць заканчвацца запрашэннем увайсці ў склад Расейскай Федэрацыі. Адзін з яскравых момантаў пуцінскай рэформы – закрыць дарогу ўва ўладу тым, хто калі-небудзь меў замежнае грамадзянства або проста дазвол на жыхарства. І ў той жа час – магчымасць узначаліць Расею для людзей з «далучаных да Расеі дзяржаваў».

«Далучанай да Расеі дзяржавай на сённяшні гістарычны момант можа быць толькі Беларусь. Таму я б на месцы беларусаў у пэўным сэнсе не расслабляўся і не меў бы аптымізму», – кажа заснавальнік Форуму свабоднай Расеі Іван Цютрын.

Беларусь не вызначыцца з адказам Пуціну, пакуль застаецца ў закладніках чалавека, заклапочанага перадусім захаваннем сваёй улады.

«Наўрад ці Лукашэнка – як елбасы ў Казахстане ці Пуцін у Расеі – сыдзе на іншую пасаду і будзе беларускім Дэн Сяў Пінам ці Лі Куан Ю. Ён хоча кіраваць нават пераборкай бульбы. Ён не Пуцін, які на чатыры гады саступіў уладу Мядзведзеву. Лукашэнка і на чатыры секунды нікому яе не аддасць», – дадае Класкоўскі.

Аднак Лукашэнка пачынае паволі разумець, што пасля таго як Расея выцягнула з шуфляды дамову аб Саюзнай дзяржаве, яму давядзецца абнавіць эліту і запрасіць туды новых людзей.

ВІДЭА
Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля
2019.12.28 09:05

Цяпер гэта найбольш яскрава бачна ў рознай публічнай рыторыцы: са старшынямі калгасаў з аднаго боку ды бізнесоўцамі і айцішнікамі – з другога.

Эксперты прадракаюць, што хутчэй за ўсё ў Беларусі могуць крыху аслабіць гайкі, каб стымуляваць прыход у палітыку і чынавенства новых людзей. Але ўсё гэта будзе касметычным рамонтам.

«Адзіны шанец у Беларусі – самой трансфармавацца, станавіцца больш моцнай інфраструктурна і рэсурсава, каб мець магчымасць у тым ліку праводзіць уласную палітыку, якая рана ці позна зможа прывесці або да перафарматавання дамоўленасці пра Саюзную дзяржаву і да выхаду з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расейскай Федэрацыяй, калі гэта будзе мэтазгодна з пункту гледжання беларускіх інтарэсаў», – падсумоўвае Ігар Тышкевіч.

І калі Пуцін, маючы ў запасе некалькі гадоў, усё роўна спяшаецца са сваёй трансфармацыяй, то ў Беларусі часу не засталося.

Фота на прэв’ю: Mikhail Metzel/TASS/Forum

Дзяніс Дзюба belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 24.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў