Генерал-лейтэнант ЗША у адстаўцы Бэн Годжэз: «Гэта не час для Беларусі, каб расслабіцца»


Аляксандр Лукашэнка плануе сустрэцца з кіраўніком амерыканскай дыпламатыі, дзяржаўным сакратаром Майкам Пампэёў, які збіраецца прыехаць у Менск. Свой першы візіт ён перанёс праз крызіс паміж ЗША ды Іранам. Якія пытанні могуць абмеркаваць палітыкі? Як з пункту гледжання Вашынгтону выглядае гэтак званая інтэграцыя Беларусі з Расеяй, а таксама што аб’ядноўвае ўсе тры пасажырскія самалёты, збітыя ракетамі за апошнія 20 гадоў? Інтэрв’ю з генерал-лейтэнантам арміі ЗША ў адстаўцы Бэнам Годжэзам, які раней камандаваў сіламі ЗША ў Іраку і Еўропе, а цяпер займае кіроўную пасаду ў вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі.

Што вы думаеце наконт рызыкі, быццам Расея ўключыць Беларусь у склад Саюзнай дзяржавы? Ці можна лічыць, што гэтая рызыка стала меншая пасля выступу Пуціна і ў сувязі з перспектываю сістэмных зменаў у Расеі? Ці можна цяпер расслабіцца?

Я лічу, што ніколі не варта расслабляцца, нягледзячы на ​​заявы Пуціна. Крэмль хоча захоўваць кантроль над Беларуссю так доўга, як гэта магчыма. І прамова Пуціна, і змены ва ўрадзе – гэта толькі доказ, што Пуцін мае намер бясконца заставацца ва ўладзе. Гэта не час для Беларусі, каб расслабіцца.

Ціск РФ на Беларусь вялікі, але ён выглядае законна. Гэта не гібрыдная агрэсія, тут складана ўжыць нейкія захады. На ваш погляд, ці могуць ЗША або іншыя заходнія дзяржавы адрэагаваць на такую ​​палітыку?

Я шчыра на гэта спадзяюся. Імкненне ўраду Беларусі абараняць свой суверэнітэт і незалежнасць вельмі важнае. Захад, у тым ліку ЗША, павінен рабіць усё магчымае, каб падтрымаць Беларусь. Для гэтага неабходна выходзіць з прапановамі альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, з ініцыятывамі эканамічнай супрацы і поўнага аднаўлення дыпламатычных стасункаў. Патрэбныя рознага віду ініцыятывы, якіх можна чакаць ва ўмовах нармалізацыі дыпламатычных адносінаў. Захад не мае намеру ўмешвацца ў адносіны паміж Беларуссю і РФ. Аднак Захад павінен браць на сябе адказнасць за тыя дзеянні, якія неабходныя для нармальных міждзяржаўных стасункаў, каб у Беларусі былі розныя варыянты.

ВІДЭА
Амерыканскі генерал: Украінскі сцэнар для Беларусі – абсалютна рэальны
2019.10.26 14:41

Амерыканскі дзяржсакратар Майк Пампэёў мае намер прыехаць з візітам у Беларусь. Пакуль ён адклаў візіт праз крызіс паміж ЗША ды Іранам. Якія пытанні, з вашага гледзішча, ён зможа абмяркоўваць з Лукашэнкам у Менску?

Я спадзяюся, што пытаннем № 1 стане аднаўленне нармальных дыпламатычных стасункаў і намер зноў абмяняцца амбасадарамі, каб аднавіць усе астатнія дыпламатычныя каналы, якія важныя для сяброўскіх адносінаў. Магчыма, будуць закранутыя пытанні эканамічнай супрацы і гандлю, а таксама альтэрнатыўных крыніцаў энергіі. Я таксама спадзяюся, што дзяржсакратар выкажа непакой наконт атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, каб АЭС была бяспечная настолькі, наколькі гэта толькі магчыма.

Пытанне, звязанае з крызісам паміж Іранам і ЗША. Адкажыце, калі ласка, як былы вайсковы трохзоркавы генерал. Як можна збіць праз памылку такі самалёт, як украінскі «Боінг», які збілі ў Іране?

Гэтага ніколі не мусіла здарыцца, гэта жахлівая трагедыя, у якой мноства людзей страціла жыццё, загінулі сем’і. Заўсёды прысутнічае рызыка, што тэхніка можа падвесці. Вядома, гэтага не павінна здарацца менавіта з такім абсталяваннем. Бывае, што падводзіць чалавечы фактар. Чалавек можа, напрыклад, памыліцца праз дрэнную ацэнку сітуацыі або неадэкватнае рыхтаванне. Патрабуецца строгі кантроль над усёю сістэмай, каб да яе не меў доступу любы вайсковец. Мне вельмі цікава, як будзе праходзіць следства. Я спадзяюся, што ўрад Ірану будзе прытрымлівацца прынцыпу празрыстасці, каб усе былі ўпэўненыя адносна вынікаў.

Hавiны
Генерал ЗША пахваліў Беларусь
2019.01.14 14:42

За апошнія 20 гадоў ува ўсім свеце 3 вялікія грамадзянскія самалёты з пасажырамі на борце былі збітыя. Я маю на ўвазе самалёт кампаніі МАУ ў Іране, самалёт «Малайзійскіх авіялініяў» над Данбасам і расейскі самалёт «Ту-154М» над Чорным морам у 2001 годзе. Гэта выпадковасць, што ўсе гэтыя самалёты былі знішчаныя ракетнымі сістэмамі савецкай ці расейскай вытворчасці?

Я лічу, што падрыхтоўка і прафесіяналізм – гэта ключавыя крытэры эфектыўнай сістэмы кантролю. Такая сістэма неабходная, каб адсачыць, як адбыўся стрэл. Мне трэба было б азнаёміцца ​​з вынікамі расследавання, каб вызначыць, ці мела месца якая-небудзь тэхнічная няспраўнасць. Але я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што падрыхтоўка і прафесіяналізм маюць не менш важнае значэнне, чым якасць абсталявання.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 17.01.2020

Стужка навінаў