Галоўная задача Лукашэнкі ў дачыненнях з Захадам у 2020 годзе


У навагоднім віншаванні Аляксандра Лукашэнкі было і аб незалежнасці і аб праве людзьмі звацца. Кіраўнік краіны адзначыў і ўмацоўванне пазіцыяў Беларусі на міжнароднай арэне. Ці можа заходні вектар стаць альтэрнатываю здачы суверэнітэту?

Хатка на курыных ножках: калі да аднаго – тварам, то да іншага – вядома чым… Трапны вобраз для беларускай вонкавай палітыкі апошніх гадоў. Неспадзявана, аднак афіцыйны Менск нават такім спосабам дасягнуў немалых вынікаў. Калі туды-сюды вярцецца дастаткова хутка, то твар зліваецца з патыліцай, і атрымоўваецца славутае беларускадыпламатычнае «і вашым і нашым». Апошнімі гадамі ўлады паспявалі паляпшаць адносіны з Еўразвязам, адначасова паглыбляючы інтэграцыйныя працэсы з Расеяй.

ВІДЭА
Вынікі 2019-га. Што Лукашэнку трэба ад Захаду?
2019.12.29 09:10

Каментуе Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года:

«Раней мы не маглі прэтэндаваць на геапалітычную гульню. Былі два-тры цэнтры: ЗША, Кітай і Еўразвяз. Астатнія краіны выконвалі ролю саюзнікаў. А зараз Беларусь адыгрывае ролю, і можа паказваць, што адыгрывае. Адносна самастойная палітыка ў дачыненні да расейскіх войнаў дазваляе нам адыгрываць больш самастойную ролю, і да нас значна больш увагі».

І калі б дыпламатыя вызначала ўсё, то можна было б павіншаваць Аляксандра Лукашэнку з тым, што ён усіх перагуляў. Але ёсць эканоміка. І тут хваліцца асабліва няма чым. 2020-ы беларусы сустрэлі без дамовы з Расеяй аб нафце і з кароткатэрміновым газавым кантрактам.

Гаворыць Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Адносіны з Расеяй у нас стабільна цесныя, але ў нас мала прасторы, куды можна было б збегчы або каб паўнавартасна балансаваць нашую вонкавую палітыку».

Калі гаворка ідзе пра выкананне сацыяльнага кантракту – «усім па пяцьсот», – то ў выбарны год Аляксандр Лукашэнка гатовы на любыя адчайныя крокі. Чаго толькі варты загад у апошнія пераднавагоднія гадзіны тэрмінова наладзіць пастаўкі нафты чыгункай праз Літву. Будуць сёлета і перамовы аб паўночным трубаправодзе «Дружба», які спалучае латышскі порт у Вэнтспілсе з Наваполацкім «Нафтанам». Невыпадкова адзіны дакладна запланаваны на 2020 год візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз адбудзецца менавіта ў Рыгу. Ніхто не зрабіў больш для паляпшэння беларуска-еўрапейскіх дачыненняў, чым Крэмль. І ў 2020-м гэты трэнд захаваецца.

ВІДЭА
Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля
2019.12.28 09:05

«Лукашэнка мог бы ўсё жыццё гуляцца ў братэрскую рыторыку і атрымоўваць датацыі, але час мяняецца. Войны, якія распачала Расея ў Грузіі і Украіне, анексіі тэрыторыяў прывялі да таго, што Лукашэнка зразумеў, што без другога крыла будучыні няма. А другое крыло – гэта супраца з Захадам», – працягвае Аляксандр Мілінкевіч.

Але і тут ёсць пэўны нюанс: Еўразвяз – гэта 28 краінаў са сваймі інтарэсамі, а самае галоўнае – правам вета на агульныя рашэнні. У сітуацыі, калі з дня на дзень запрацуе першы рэактар Беларускай атамнай электрастанцыі, дамаўляцца з Літвой будзе ўсё цяжэй. А менавіта Вільня цягам 2019-га блакавала ключавыя дамовы паміж Бруселем і Менскам.

Каментуе Марыус Лаўрынавічус, галоўны аналітык віленскага Інстытуту палітычнага аналізу:

«Змяніцца павінная пазіцыя Беларусі, што гэтая АЭС – гэта справа толькі Беларусі, а не Літвы ці Еўразвязу. Калі гэтая пазіцыя зменіцца і Менск пачне супрацоўнічаць, хаця б у пытаннях бяспекі, тады магчымыя нейкія змены».

Тут Менску ёсць над чым працаваць. Грубы шантаж: не прызнаеце АЭС, перавядзем грузапаток з Літвы на Латвію, – якім Аляксандр Лукашэнка пужае Вільню, тут не падзейнічае.

ВІДЭА
Як Латвія зможа купляць электрычнасць з БелАЭС?
2019.12.01 09:05

Працягвае Марус Лаўрынавічус:

«Ёсць прадпрымальнікі, якіх я называю беларускімі лабістамі, якія так ставяць пытанні, што Беларусь можа прамяняць Літву на Латвію. Але гісторыя паказвае, што спадар Лукашэнка вельмі прагматычны. І калі нашыя літоўскія ўмовы ў плане транзіту лепшыя, чым латвійскія, то нічога не зменіцца. Проста таму, што Лукашэнка заўсёды выбірае больш танны варыянт».

Пытанне нармалізацыі адносінаў з Літвой – гэта самы вялікі выклік для Беларусі на 2020 год на заходнім кірунку. Можна спрабаваць дамаўляцца з краінамі Еўразвязу паасобку, але нашмат хутчэй і танней будзе дамовіцца з Літвой. Бо акно магчымасцяў з Еўропай не бясконцае ў часе.

Аляксандр Мілінкевіч:

«Міграцыя, брэкзіт, праблемы. Чакаецца эканамічны крызіс на Захадзе. Гэта ўсё перашкаджае таму, каб увага да Беларусі захоўвалася на ранейшым узроўні. Нам вельмі важна паказаць Захаду, што палітыка, якая была распачатая на чарговым дыялогу, прыносіць поспехі. Самае простае паказаць, што мы рухаемся да еўрапейскіх стандартаў, – адмяніць смяротнае пакаранне».

На такі крок Менск пакуль не ідзе. На гэтым фоне карысней выглядае прагрэс, які Беларусь будзе рабіць у адносінах ЗША, але толькі таму, што там мы пачынаем амаль з белага ліста. Нават такiя крокі, як абмен амбасадарамі, будзе добра глядзецца на фоне папярэдняга застою. А адменены вiзiт дзяржсакратара Майка Пампэа ў Менск усе ж адбудзецца.

Ігар Кулей, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 03.01.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў