Міністр замежных справаў Эстоніі пра пагрозу інкарпарацыі Беларусі


Ці спробы Пуціна інкарпараваць Беларусь у Расею пагражаюць Эстоніі ды іншым балтыйскім краінам? На пытанні Сяргея Пелясы адказаў міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Інтэрв’ю запісалі падчас спаткання лідараў НАТО пад Лонданам 4 снежня 2019 г.

Ці задаволеныя вы самітам? Ці думаеце вы, што цяпер, пасля гэтай падзеі, Эстонія ў большай бяспецы, як раней?

Думаю, некаторыя вынікі саміту цалкам станоўчыя, бо абавязальніцтва, якое ўзялі на сябе лідары краінаў НАТО, гучыць даволі канкрэтна: артыкул 5-ты не страчвае сваёй моцы; няма альтэрнатывы гэтай унікальнай трансатлантычнай сістэме калектыўнай абароны. І нам усім трэба супрацоўнічаць далей з улікам цяперашніх пагрозаў.

Як вы пракаментуеце пазіцыю Турцыі ў абароне балтыйскіх дзяржаваў, у тым ліку Эстоніі?

Ніколі не было такога, каб партнёр – Турцыя – нейкім чынам блакаваў абнаўленне абарончых ініцыятываў, што датычылі Балтыкі. Але часам у дыпламатыі здараецца, што нашыя справы аказваюцца звязанымі з інтарэсамі іншых краінаў. І цяпер я, вядома, вельмі цешуся, што ёсць гэты практычны вынік саміту для Эстоніі. Пасля доўгіх дыскусіяў мы маем пазітыўнае палітычнае рашэнне, мы ведаем, што паміж краінамі НАТО ёсць кансэнсус, каб развівацца далей. Варта адзначыць руплівую працу генеральнага сакратара НАТО ў дасягненні гэтага кампрамісу і, вядома, стаўленне Турцыі.

ВІДЭА
Міністр замежных справаў Латвіі: Настаў час падпісаць дамову Беларусі з НАТО
2019.12.01 11:14

Вы ўпэўненыя, што прынцып калектыўнай бяспекі спрацуе ў выпадку, калі раптам Эстонія ці іншая краіна станецца аб’ектам агрэсіі ворага, кім бы ён ні быў?

Так, я цалкам упэўнены ў гэтым. Пад гэтым парасонам бяспекі – прыблізна мільярд асобаў, у гэтым унікальнасць НАТО. Ёсць пэўныя гарантыі, сябры НАТО ведаюць, што «ўсе за аднаго», і гэта асноўны механізм, які дапамагае пазбегнуць войнаў на тэрыторыі краінаў блоку.

Ці вы згодныя з Літвой у тым, што Расею варта прызнаць пагрозаю краінам НАТО?

Так. Уласна ў НАТО ўжо адзначылі, што існуюць дзве стратэгічныя пагрозы: міжнародны тэрарызм і Расея. Згадайце парушэнні міжнароднага права Расеяй, яе агрэсію, якая мела месца і можа яшчэ раз праявіцца ў стасунку да суседзяў. Расею варта разглядаць як пагрозу НАТО.

Інтэрв’ю
Міністр замежных справаў Літвы пра БелАЭС і дачыненні Беларусі з НАТО
2019.12.06 12:44

Ці Эстонія падрыхтаваная да пагрозаў? Я ведаю, што існуе прынцып калектыўнай бяспекі, але пытаю канкрэтна пра Эстонію. Эстонія – адна з першых дзяржаваў, якая выканала абяцанне, павысіўшы выдаткі на абарону да двух адсоткаў (2 %) ВУП. На вашую думку, гэтага дастаткова ці трэба яшчэ больш? Больш падтрымання саюзнікаў, больш вялікі бюджэт на абарону?

Насамрэч цяпер мы прызначаем больш за 2 адсоткі. Сёлета гэта склала 2,14 % ад нашага ВУП. Калі сітуацыя ў нацыянальнай бяспецы будзе таго патрабаваць, мы гатовыя павысіць выдаткі. Таксама хачу нагадаць, што павялічваецца вайсковая прысутнасць. У нас размешчаныя сотні жаўнераў з краінаў НАТО, і, вядома, яны таксама ёсць неад’емнаю часткаю нашай сістэмы абароны. І калі ўдасканальваюцца абарончыя планы НАТО, калі нашыя хаўруснікі павялічваюць свае абаронныя бюджэты, то ў стратэгічным плане гэта таксама ідзе на карысць абароназдольнасці і канкрэтна Эстоніі, і ўсяго альянсу ў цэлым.

У гэтыя самыя дні, калі ў Лондане адбываецца саміт НАТО, мы можам заўважыць, якія крокі робіць Пуцін, каб паглыбіць інтэграцыю з Беларуссю. Шмат хто ў нашай краіне называе гэта інкарпарацыяй. Ці лічыце вы гэтыя спробы інкарпараваць Беларусь пагрозаю таксама для Эстоніі ды іншых балтыйскіх краінаў?

ВІДЭА
Лукашэнка дамаўляецца з NATO
2019.12.02 08:03

Думаю, што рэч не ў ваеннай пагрозе. Разважаючы пра перспектывы Беларусі, самае важнае, на мой погляд, – паважаць правы чалавека, палітычныя правы грамадзянаў. Гэта стратэгічнае пытанне, якое варта ўзяць пад увагу. Я ведаю, што апошнім часам было пэўнае напружанне ў некаторых пытаннях паміж Беларуссю і Расеяй. Мяркую, кожная краіна мае права абіраць свой шлях, палітычную будучыню, і яно базуецца на свабоднай волі народу.

У нас няма такой магчымасці ў Беларусі, бо ў нас няма вольных выбараў, сёння мы назіраем, як Расея цісне на Беларусь палітычна і эканамічна. Калі б раптам расейскія танкі прыбылі ў Беларусь, ці змяніла б гэта стратэгічнае становішча балтыйскіх краінаў?

Так, мы бачылі танкі ва Украіне, танкі ў Грузіі. Калі ядравая дзяржава накіроўвае танкі за мяжу для ваеннай інтэрвенцыі, – вядома, гэта пагроза бяспецы. Цягам апошняй дэкады мы зноў пабачылі войны на еўрапейскай зямлі. Таму НАТО мусіць правесці сур’ёзную аналітычную працу.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 06.12.2019

Іншыя тэмы праграмы:

Зваротны адлік. Нервовы снежань Аляксандра Лукашэнкі

Уладзімір Мацкевіч, ідэолаг кампаніі «Свежы вецер»: «Трэба каб прагучаў голас грамадства»

Эмацыйная падзарадка Лукашэнкі

Дзе НАТО, а дзе Беларусь? Наш рэпартаж з юбілейнага саміту Альянсу ў Лондане

 

Стужка навінаў