Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заяўляе пра намер выправіць дачыненні з Беларуссю і дзеля гэтага гатовы нават запрасіць Аляксандра Лукашэнку ў Вільню. Нагода для беларускага лідара не самая выгодная – перапахаванне парэштак антыцарскіх паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага ў лістападзе ў сталіцы Літвы. Ці паедзе Лукашэнка ў Вільню, пры чым тут Астравецкая АЭС і латвійскія парты – Усевалад Шлыкаў.
Нягледзячы на дэклараваную гатовасць сябраваць з афіцыйным Менскам, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пра выпраўленне дачыненняў кажа вельмі асцярожна:
«Мае намаганні будуць скіраваныя на тое, каб паступова, нягледзячы на ўсе спрэчкі вакол Астравецкай АЭС, усталяваўся нармальны чалавечы кантакт. Бо ненармальна жыць побач, капаць акопы і рабіць выгляд, што побач няма суседа. Вядома, усё будзе залежаць ад жадання супрацы з боку самой Беларусі. Могуць быць розныя нагоды – першаю будзе перапахаванне нашых лідараў паўстання 1863–1864 гадоў».
Пасля літоўскі лідар удакладніў, што на цырымонію дакладна будзе запрошаны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, магчыма, паклічуць і Уладзіміра Зяленскага, аднак што да адрасата запрашэння ў нашай краіне – яшчэ не вызначыліся. Яно і не дзіва – нягледзячы на працяглую адлігу паміж Менскам і Еўропай, у Вільні шмат хто памятае гісторыю супрацы з лідарам Беларусі.
Каментуе Жыгімантас Павілёніс, сябра камітэту замежных справаў Сейму Літвы, былы амбасадар краіны ў Злучаных Штатах і Мексіцы:
«Ён заўсёды нас падманваў, і, я думаю, было б вялікай памылкай, калі б мы пачалі гэты шлях ад сустрэчы з Лукашэнкам, не бачачы ніякіх знакаў таго, што ён гатовы ісці еўрапейскім шляхам».
На пачатку свайго прэзідэнцкага тэрміну і папярэдніца Гітанаса Наўседы, Даля Грыбаўскайце, была поўная намеру ўрэшце пасябраваць з паўднёвым суседам. Але потым быў разгон мірных пратэстаў у 2010 г. і завяршэнне будовы Астравецкай АЭС – самы раздражняльны момант у двухбаковых дачыненнях для Вільні. Але іншыя літоўскія палітыкі заклікаюць быць прагматычнымі.
Гаворыць Лаўрынас Касчунас, віцэ-старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы:
«Мы бачым тэндэнцыі ў Еўрапейскім Звязе і ЗША што да Беларусі. Натуральна, ты мусіш трапіць у гэтыя трэнды, і таму нейкая такая абмежаваная размова – яна, магчыма, і ёсць у планах. Ці ўдасца дыялог, ці не… Ведаеце, тут стае ўсякіх даволі скептычных меркаванняў».
Рэч не толькі ў старых крыўдах. Астравецкую АЭС літоўскі Сейм прызнаў пагрозаю нацыянальнай бяспецы. Вільня не будзе купляць электрычнасці з гэтай станцыі, а гэта псуе не толькі дачыненні на лініі Беларусь–Літва, але і паміж Бруселем ды Менскам. І выглядае на тое, што ад гэтай спрэчкі стаміліся ўсе.
Каментуе Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН:
«Відаць, усё ж такі поўная блакада электрычнасці з Беларусі не атрымаецца. Ужо і латышы кажуць пра тое, што могуць купляць, і эстонцы задумваюцца… Плюс, наколькі я ведаю, у Бруселі не надта задаволеныя гэтай радыкальнай пазіцыяй Літвы, якая тарпедуе падпісанне пагаднення аб прыярытэтах партнёрства паміж Беларуссю і Еўразвязам».
Напрыканцы жніўня Рыга заявіла, што гатовая купляць электрычнасць з БелАЭС. Пасля абурэння ў Вільні заяву адкарэктавалі, і цяпер Латвія кажа пра магчымасць купляць электраэнергію з «трэціх краінаў праз Расею».
За месяц да гэтага амбасадар нашай краіны ў Латвіі Васіль Марковіч заявіў пра жаданне Менску перакіраваць грузы з Клайпеды ў Рыгу і Вэнтспілс.
«Беларусь і Расея любяць пагуляць з балтыйскімі краінамі. Вядома, дрэнна, што Латвія паддаецца на такія гульні, і тое, што яны дэ-факта гатовыя – гэта, вядома, не паляпшае бяспекі ўсяго рэгіёну», – упэўнены Лаўрынас Касчунас.
Беларускія грузы складаюць прыкладна траціну ад усяго транзітнага абарачэння ў порце Клайпеды. Летась аб’ём гандлю паміж Беларуссю і Літвою, паводле выдання «Белрынок», склаў 700 млн долараў, з якіх 82 % – гэта транспартныя паслугі. Гэтыя лічбы з году ў год толькі растуць, і ў Вільні абураныя пагрозамі перакіравання грузавых плыняў.
Жыгімантас Павілёніс:
«Гэта шантаж беларускага рэжыму, бо, наколькі я ведаю, крамлёўскі рэжым хоча забраць усе гэтыя грузы ад балтыйскіх партоў, і думаю, нашыя балтыйскія браты не праглынуць гэтага… кручка».
Ці не можа здарыцца так, што ў выніку Літва махне рукою на ўжо практычна гатовую электрастанцыю – першы рэактар запрацуе яшчэ да канца года – і выратуе разлічаную на экспарт Астравецкую АЭС? Яшчэ паўгода таму адказ на гэтае пытанне быў бы адназначна адмоўны. А вось ці прыедзе Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстасці ў гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільню – адказ вядомы.
Аляксандр Класкоўскі:
«Нядаўна ён не паляцеў у Варшаву на ўгодкі пачатку Другой сусветнай вайны. Ну, там Пуціна не запрасілі. У Вільні Пуцін нібыта ні пры чым, але пры чым! Каліноўскі – гэта такая фігура, якая раздражняе Расею».
Аляксандра Лукашэнку запрашалі і на саміт Усходняга партнёрства – не паехаў. Ужо амаль год чакаюць яго ў Рызе – уласна, каб паразмаўляць пра перспектывы латвійскіх партоў. Нашыя адмыслоўцы ўпэўненыя, што ў лістападзе афіцыйнага лідара ў Вільні не будзе – нават калі яго і запросяць.
Усевалад Шлыкаў
Іншыя тэмы выдання: