Міліцыя шукае аўтараў плакатаў з патрабаваннем вызваліць Майсея Мазька


Плакаты з заклікам вызваліць Майсея Мазька, якія з’явіліся ў чацвер у Берасці і ў вёсцы Тэльмы, вельмі не спадабаліся мясцовым уладам, і сілавікі распачалі новыя рэпрэсіі.

У міліцыю Берасцейскага раёну выклікалі Ігара Зубіка, якога спрабавалі абвінаваціць у незаконным расклейванні друкаванай прадукцыі агітацыйнага характару ў вёсцы Тэльмы. У міліцыі не аказалася ніякіх доказаў і яны былі вымушаныя адпусціць спадара Зубіка.

Фота
У Берасці з’явіліся плакаты з патрабаваннем выпусціць на свабоду Майсея Мазька. Фотофакт
2019.04.04 22:28

З самай раніцы пятніцы каля дому яшчэ адной актывісткі, Таццяны Фесікавай, з’явіліся невядомыя, і фактычна заблакавалі жанчыне выхад з уласнага дому, а пасля абеду ў доме Фесікавай пачаўся агляд – шукалі гэту самую друкаваную прадукцыю па заведзенай адміністратыўнай справе.

У месцах, дзе віселі плакаты з надпісам «Свабоду Маісею», сёння іх няма, яны былі сарваныя.

– Мы бачым, што ўлады вельмі нервова рэагуюць на такое праяўленне грамадскай актыўнасці. Яны напужаныя, бо людзі не вераць ім, і ведаюць, што справа Маісея Мазька гэта правакацыя. Таму такія дзеянні з боку ўладаў – адказ, каб запужаць грамадства і пазбегнуць магчымых пратэстаў, – сказаў «Белсату» праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

На гэтым слупе яшчэ ў чацвер вісеў плакат у падтрымку Майсея

Нагадаем, 2 красавіка ў другой палове дня ў машыне, у якой ехаў актывіст Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, вонкава падобны на запал выбуховага прыстасавання. На актывіста заведзена крымінальная справа. Праваабаронцы і актывісты з Берасця лічаць, што гэта правакацыя. Мінулай ноччу пасля вобшуку быў затрыманы і змешчаны в ІЧУ сын Мазько – Дзяніс.

Плакаты з заклікам вызваліць Майсея Мазька былі сарваныя

Жыхар вёскі Тэльмы Берасцейскага раёну Майсей Мазько зʼяўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем. Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёну, а таксама яе прыхільнікі змагаюцца супраць запуску заводу ды ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекту. Прадстаўнікі заводу, прыродаахоўных арганізацыяў і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

АС belsat.eu

Стужка навінаў