Беларусы ў 14 краінах свету плануюць далучыцца да адзначэння Дня Волі забегам з нацыянальнай сімволікай.
«Вольны забег» – гэта акцыя, што аб’ядноўвае беларусаў свету з нагоды святкавання БНР-101. Сёлета арганізатары спадзяюцца, што агульная дыстанцыя, якую прабягуць удзельнікі, перавысіць 1000 км.
Па стане на 19 сакавіка на забег зарэгістраваліся беларусы з 14 краінаў: Беларусі, ЗША, Францыі, Нарвегіі, Швейцарыі, Новай Зеландыі, Польшчы, Іспаніі, Чылі, Украіны, Вялікай Брытаніі, Бразіліі, Нямеччыны і Літвы.
«Можна сказаць, што гэта пакуль толькі пачатак: мы чакаем, што бліжэй да даты забегу – 24 сакавіка – мы атрымаем яшчэ больш заявак», – гаворыць адзін з арганізатараў «Вольнага забегу» Зміцер Ягораў.
Каб узяць удзел у «Вольным забегу», трэба зарэгістравацца на сайце runbnr.org, прабегчы «вольную дыстанцыю», да падзяліцца ў сацыяльных сетках фотаздымкам з забегу – з бел-чырвона-белым сцягам, або гербам Пагоня і хэштэгам #belarus101run.
Асноўным днём забегу вызначаная нядзеля, 24 сакавіка – чакаецца, што менавіта ў гэты дзень у забегу возьме ўдзел большасць бегуноў. 25 сакавіка будуць падведзеныя вынікі і апублікаваная інфармацыя пра геаграфію і пераадоленую дыстанцыю.
ІІ, belsat.eu