Нага Крамля: пяць прыкметаў таго, што Беларусь «анексуюць» і пяць аргументаў аб нерэальнасці гэтага сцэнара

Беларускі палітолаг і кіраўнік Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч запэўнівае, што Масква не зможа анексаваць Беларусь, так як гэта было з украінскім Крымам. У найноўшай справаздачы аб сітуацыі ў Беларусі Ляховіч патлумачыў, што менавіта перашкаджае Крамлю зрабіць нашую краіну часткаю Расеі. Вытрымкі справаздачы апублікаваў інтэрнэт-рэсурс thinktanks.by.

Што перашкаджае Маскве анексаваць Беларусь, паводле палітолага Ляховіча

1 Расея скарачае вайсковы бюджэт (у 2017-м скараціўся на 20 % у параўнанні з 2016-м).

2 Скараціліся наўпроставыя інвестыцыі ў расейскую эканоміку; павялічыўся адток капіталу; адбываецца дэградацыя высокатэхналагічных сектараў прамысловасці; з 2013 да 2017 год ВУП РФ скараціўся ў 1,6 разу (паводле МВФ).

3 Армія бедных. Паводле афіцыйнай статыстыкі за мяжою беднасці жыве 13,3 % расейцаў. Інстытут сацыяльнага аналізу і прагназавання называе лічбу ў 22 % (32 млн чалавек).

4 Заходнія санкцыі толькі ўзмацняюцца. А анексія Беларусі можа прывесці да адключэння Расеі ад сістэмы банкаўскіх пераводаў SWIFT.

Беларусь назвалі адным з лідараў па антырасейскіх санкцыях

5 Сілавое далучэнне Беларусі да Расеі будзе азначаць «смерць» АДКБ, СНД і ЕўрАзЭС. Партнёры Расеі ўспрымуць анексію ў якасці пагрозы суверэнітэту.

«Анексія» будзе, але добраахвотная

Паводле палітолага Паўла Усава, «анексія» адбудзецца, але без стрэлаў і вайскоўцаў. У размове з Belsat.eu эксперт адзначыў, што разважаць пра далучэнне Беларусі да Расеі па крымскім сцэнары «паліталагічна некарэктна», бо Масква мае план змусіць афіцыйны Менск добраахвотна стаць часткаю Саюзнай дзяржавы, пазбаўляючы краіну вонкавапалітычнай суб’ектнасці.

1 Вайсковая агрэсія Расеі супраць Беларусі – нонсэнс. Для далучэння Беларусі не патрэбная зброя.

Былы кіраўнік NATO: «Беларусь чакае вайна і анексія»

2 Рэалізацыя імперскіх амбіцыяў не мае нічога супольнага з эканомікай і колькасць бедных у Расеі не паўплывае на жаданне Масквы ўцягнуць Беларусь у Саюзную дзяржаву. Нават, калі за гэта давядзецца заплаціць дабрабытам звычайных расейцаў. Крэмль далучыць Беларусь легальна і не парушаючы нормаў міжнароднага права.

3 Беларускія ўлады нічога не робяць, каб рэальна дыверсіфікаваць крыніцы паставак энергарэсурсаў. Лукашэнка будуе АЭС на расейскія грошы, а краіна знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад расейскай нафты і газу. Гэта цалкам адпавядае інтарэсам Масквы.

4 Развагі пра анексію Беларусі адцягваюць увагу ад рэальнай праблемы – агрэсіўнай інтэграцыйнай палітыкі Масквы. Менавіта гэтым цяпер займаецца Крэмль.

5 Пакуль у Беларусі аўтарытарная ўлада – пагроза страты суверэнітэту заўсёды будзе існаваць. Для кіраўніка Беларусі суверэнітэт – прадмет гандлю.

На думку Паўла Усава, Расея паспрабуе вырашыць пытанне кошту беларускага суверэнітэту і будучыні нашай краіны ў Саюзнай дзяржаве напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў 2020 годзе.

ЮВ belsat.eu

Hавiны