Топ-5 парадаў для тых, хто ніколі не бегаў, але вельмі хоча


Што рабіць, калі хочацца далучыцца да акцыі #belarus101run, але далей, чымся за аўтобусам да прыпынку ніколі не бегалі? Белсатавец і марафонец, бягун-аматар Зміцер Ягораў распавядае пра тое, з чаго пачаць свае першыя кіламетры прабежак.

Псіхалагічная падрыхтоўка: два нясціплыя пытанні да сябе

Калі вы ўжо чытаеце гэты артыкул, значыць, недзе ў вас пасялілася жаданне пачаць бегаць. Паспрабуйце яго дастаць на дзённае святло. Вельмі важна адразу адказаць на пытанне самому сабе: а навошта бегаць? Адказ вам спатрэбіцца як мінімум, у трох сітуацыях. Першая – калі пачнуць распытваць сябры і знаёмыя – хтосьці з павагаю ў голасе, хтосьці тонам «а з галавой усё ў парадку»? Другі раз – падчас прабежкі, калі эйфарыя першых хвілінаў міне. І трэці раз – пасля першай прабежкі, калі трэба будзе будаваць план на бегавое жыццё.

Справка
Каму нельга бегаць?

Безумоўна, тым, хто мае супрацьпаказанні! Калі ў вас праблемы з хрыбетнікам, каленямі, суставамі, сэрцам або атлусценне, то, безумоўна, спачатку трэба кансультавацца з лекарам!

Вы пачынаеце бегаць, каб што? Каб прабегчы марафон? Але прабегчы марафон… каб што? Каб падняць самаацэнку, каб атрымаць «веху» у жыцці, каб «зрабіць» сабе форму? Дзякуючы бегу можна знайсці тыя паўгадзіны-гадзіну выключна для сябе. Прывесці ў парадак нервы і цела. Бегуноў – мільёны, матывацыяў – тысячы.

Вопратка і абутак

Перад фінішам можна прыспешыць!

Сучасны бегавы абутак – высокатэхналагічны і нятанны. Але самая галоўная функцыя любых бегавых красовак для аматарскага бегу – адна: засцерагчы бегуна ад траўмаў. Прафесіяналы могуць змагацца за кожны грам, за кожную долю секунды і ставіць здароўе на ніжэйшыя пазіцыі, калі галоўная мэта – залаты медаль. У нас усё наадварот. Здароўе – перадусім. Таму бярыце красоўкі з вельмі добрай амартызацыяй, асабліва, калі бегаеце па асфальце ці бетоне, з падтрыманнем стапы, максімальна зручныя.

Калі гэта вашая першая прабежка і няма жадання інвеставаць адразу 100+ еўраў у абутак, то падбярыце з таго, што ёсць, самую зручную пару, пажадана з тоўстай падэшваю. Але потым – не шкадуйце грошай на добры абутак! Інакш прыйдзецца плаціць за дактароў, рэабілітацыі, а, быць можа, і аперацыю.

Кашулька, сподні або шорты – найлепш не баваўняныя (набірае і трымае пот), а сінтэтычныя. І – адпаведна надвор’ю.

Адэкватныя тэмп і дыстанцыя

Першыя трэнаванні не мусяць вас вычарпаць фізічна і псіхічна. Не ганіце коней, не рвіце жылы і не выплёўвайце лёгкія. Распачніце і працягвайце бег у камфортным для вас тэмпе: каб не задыхацца, не аблівацца потам. Калі вы падчас бегу ў стане на адным выдыху сказаць, дапусцім, «Белсат – мой улюбёны тэлеканал», то напэўна ваш арганізм не перагружаны. Калі вы апошні раз бегалі ў школе, то не замахвайцеся на паўмарафон.

Лічыцца, што здаровы чалавек у стане прабегчы 10 кіламетраў. Але я сам цудоўна памятаю, як пяць кіламетраў для мяне былі подзвігам. Пачынайце з двух або з трох. Калі пасля прабежкі адчуваеце, што гэтага збыт мала – заплануйце наступную на пяць.

Hавiны
Вольны забег-2019. Мэта – 1000 км!
2019.03.03 16:55

Піць ці не піць?

Патрэба ў вадзе – справа досыць індывідуальная. Але, калі вашая дыстанцыя меншая за 10 ці пяць км, можна абысціся без вады, ізатонікаў ці энергетычных геляў. Калі вы будзеце прытрымлівацца парады пра адэкватны тэмп, то абязводжванне на такіх дыстанцыях вам не пагражае.

Бегаюць ногі, а размінаем – усё

Перад бегам заўсёды варта размяцца ды разагрэцца. Вышэй – прыклад размінкі, вельмі блізкай да той, што выкарыстоўваю сам. Падчас бегу працуюць не толькі ногі, але і корпус, рукі (ба! на марафоне пасля 35 км мне пачаў балець… прэс!). Размінайцеся і разагравайцеся ніяк не меней за пяць хвілінаў. Гэта знізіць верагоднасць траўмаў.

Карысныя спасылкі:

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў