Міністэрства гандлю Беларусі ўхваліла пастанову аб змене парадку рэгулявання цэнаў, у прыватнасці спісу дакументаў для атрымання дазволу на падвышэнне рэгуляваных цэнаў. Пастанова афіцыйна апублікаваная 27 красавіка, набыла моц.
Цяпер для ўзгаднення падвышэння цаны на тавары трэба прадставіць заяву аб узгадненні, эканамічны разлік з пацверджаннем узроўню цэнаў і расшыфроўкай выдаткаў, параўнальны аналіз калькуляцыяў у выглядзе табліцы (такога раней не патрабавалі), тлумачальную запіску пра рэнтабельнасць за мінулы год і захады па зніжэнні сабекошту, маркетынгавы аналіз з цэнамі на названы тавар на беларускім рынку.
У пачатковай версіі правілаў трэба было прадставіць толькі заяву, калькуляцыю і маркетынгавы аналіз, пазней правілы ўскладнялі заменай калькуляцыі на больш складаны эканамічны разлік і даданнем патрабавання тлумачальнай запіскі.
Пасля таго, як дзяржава ўзялася за рэгуляванне цэнаў, рэнтабельнасць гандлёвых арганізацыяў знізілася да 0,4 %, адзін з самых нізкіх паказнікаў за ўсю гісторыю. Пры тым рэгуляванне цэнаў не спыніла іх рост – магчыма, нават стварыла ўмовы да вялікага скачка цэнаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu