У Мінэканомікі распавялі, якіх ІП прымусяць закрыцца, а якім яшчэ дазволяць працаваць


Чыноўнікі Беларусі працуюць над спісам відаў дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Пералік мусіць складзены да 1 ліпеня. І тыя, хто ў яго не трапяць, будуць вымушаныя закрыць сваю дзейнасць 31 снежня 2025 года або перайсці ў статус юрыдычных асобаў.

Гандаль на Камароўскім рынку.
Фота: Белсат

Намесніца дырэктара Дэпартаменту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак адзначыла ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, што найбліжэйшым часам ведамства пачне актыўнае абмеркаванне відаў дзейнасці, якімі дазволяць займацца ІП.

Паводле яе, найперш у зоне рызыкі знаходзяцца тыя прадпрымальнікі, дзейнасцю якіх могуць займацца таксама юрыдычныя асобы. Напрыклад, цырульніцкія паслугі.

«Камерцыйныя арганізацыі наракаюць на тое, што калі гэта аднаасобнае наданне паслуг, то тут крыху скажаецца канкурэнтнае поле», – сказала Бабачонак.

Таксама чыноўнікі плануюць «захаваць рэгіянальную збалансаванасць і працоўныя месцы» ў рэгіёнах, узровень заробкаў.

Як сказала чыноўніца, папярэдне захаваецца магчымасць працы ў ІП у сферах рознічнага гандлю, перавозкі пасажыраў і тых будаўнічых працаў, якія «не патрабуюць сур’ёзнай тэхналагічнай падрыхтоўкі».

22 красавіка самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Віды дзейнасці, якія цяпер змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць вызначаны ўрадам да 1 ліпеня. Па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у зацверджаны спіс, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама ўстанаўліваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 года дзейных іпэшнікаў у юрыдычныя асобы.

Аналітыка
Прапаганда раіць ІП не рвацца па прыбытак. Якія змены чакаюць прадпрымальнікаў у Беларусі
2023.09.29 09:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў