Сына пісьменніка асудзілі да 1,5 года калоніі за абразу Лукашэнкі


19 красавіка суд Быхаўскага раёну вынес прысуд Арцёму Антонаву. Маладога чалавека абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, піша «MAYDAY TEAM».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: spring96.org

Вядома, што суд вёў суддзя Уладзімір Жолудзеў. Ён вынес у якасці пакарання Арцёму 1 год і 6 месяцаў калоніі. Іншыя падрабязнасці справы пакуль не вядомыя.

Арцёма Антонава затрымалі ў сярэдзіне снежня 2023 года, выставіўшы яму абвінавачанні паводле адміністратыўнай справы. Але пасля правядзення ператрусу ў ягоным доме ў яго канфіскавалі тэхніку, а самому мужчыну выставілі абвінавачанне паводле арт. 368 КК РБ («Абраза Аляксандра Лукашэнкі»).

Крымінальная справа Арцёма Антонава, адзначае «MAYDAY TEAM», супала ў часе з пераследам ягонага бацькі, Сяргея Антонава, якому пагражала крымінальная справа за супрацу з сайтамі «6TV» і «Могилев Медиа», пісьменнік быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Нагадаем, што гэта не першы выпадак, калі рэжым бярэ ў закладнікі дзяцей ці сваякоў грамадскіх дзеячаў і палітыкаў. Сына Віктара Бабарыкі Эдуарда Бабарыку засудзілі на 8 гадоў калоніі. Так, сына вядомага палітыка Анатоля Лябедзькі арыштавалі і асудзілі паводле артыкулу аб фінансаванні «экстрэмісцкай» дзейнасці, прысудзіўшы яму 3,5 года калоніі. У верасні 2022 года да 6 гадоў паводле чатырох артыкулаў асудзілі стрыечнага брата палітыка Паўла ЛатушкіАнатоля Латушку.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў