Сілавікі затрымалі жыхара Баранавічаў з «арсеналам зброі»


ГУБАЗіК затрымаў жыхара Баранавічаў і знайшоў у яго арсенал зброі. Затрыманы кажа, што займаўся калекцыянаваннем. Прапаганда спрабуе звязаць яго з пратэстамі і апазіцыяй. Адпаведны сюжэт паказалі ўвечары ў нядзелю, 21 красавіка, на ОНТ.

Зброя, знойдзеная ў кватэры затрыманага Аляксея Лопуха. Фота з відэа / ОНТ / YouTube

Завуць затрыманага Аляксей Лопух, нарадзіўся ў 1996 годзе і жыве ў Баранавіцкім раёне. Затрымлівалі мужчыну супрацоўнікі аддзелу крымінальнага вышуку разам з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу пры сілавым падтрыманні спецпадраздзялення «Алмаз».

Пры правяранні кватэры знайшлі «цэлы арсенал» зброі: пісталеты, аўтаматы, гранаты, тактычныя ўборы, рацыі, нажы – усяго больш за 30 адзінак. Праводзіцца балістычная экспертыза. У сюжэце гаворыцца, што ў затрыманага можа быць прыхаваны і «больш сур’ёзны тайнік».

Падчас размовы ў маладзёна выявіліся даволі шырокія веды ў галіне ўжывання зброі. Таксама гаворыцца, што ён быў чорным капальнікам.

Як сцвярджаюць журналісты каналу, у момант затрымання Лопух быў пад уздзеяннем наркатычных сродкаў. Як пазней прызнаваўся затрыманы, ён змагаецца з нарказалежнасцю ўжо 1,5 года.

27-гадовы жыхар Баранавічаў Аляксей Лопух. Фота з відэа / ОНТ / YouTube

Паводле Лопуха, ён ні да чаго не рыхтаваўся, а калекцыянаваў зброю, яна дэактываваная.

У той жа час у сюжэце выразна праводзіцца сувязь маладзёна з пратэстамі: маўляў, у 2014 годзе ў дачыненні да яго праводзіўся шэраг правяранняў, падчас якіх знайшлі «літаратуру нацысцкага кшталту, а таксама сімволіку пратэснай скіраванасці». Таксама гаворыцца, што Лопух пакідаў у інтэрнэце «негатыўныя каментары рознага кшталту, а таксама інструкцыі для вырабу выбуханебяспечных прадметаў і гаруча-змазачных матэрыялаў».

У сюжэце паказалі, які сілавікі затрымлівалі маці Лопуха, якая 9 жніўня 2020 года выходзіла на пратэсты, а таксама падчас іншых мітынгаў, кадры, знятыя на тэлефон, яна адпраўляла на «тэрарыстычныя рэсурсы».

Самога Лопуха таксама прымушаюць казаць на камеру, што ён трапіў пад уплыў «нямірнай прапаганды».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў