У Літве з 21 да 26 красавіка праходзяць літоўска-польскія тактычныя вучэнні, звязаныя з адпрацоўваннем абароны сувальскага калідору. У іх таксама возьмуць удзел саюзнікі з ЗША і Партугаліі. Пра гэта паведамляе выданне LRT са спасылкаю на прэс-службу войска Літвы.
Падчас вучэнняў 1,5 тысячы вайскоўцаў пяхотнай брыгады «Žemaitija» імя вялікага гетмана літоўскага Яна Хадкевіча разам з хаўруснікамі прапрацуюць сцэнары абароны ў сувальскім калідоры. Вучэнні праходзяць згодна з літоўска-польскім аршанскім планам, падпісаным пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Большая частка плану засакрэчаная.
Таксама ў Літве трываюць вучэнні «Удар мяча». Іх арганізатарам сталіся ўзброеныя сілы ЗША. У канцы сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў у размове з беларускімі вайскоўцамі, што Літва і Польшча дарма «так сябе паводзяць». Ён таксама абвінавачваў Літву ў пагрозе нападу на Беларусь і намякаў на неабароненасць сувальскага калідору.
«Колькі ў нас увесь час вякаюць пра сувальскі калідор? Колькі тут кіламетраў да Калінінградскай вобласці ад вашых межаў? Практычна нічога. Дарэмна яны сябе так паводзяць», – казаў Лукашэнка.
Пасля гэтага Літва выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
Сувальскі калідор – гэта памежны ўчастак паміж Літвой і Польшчай. З заходняга боку ён мяжуе з Калінінградскаю вобласцю Расеі, а на ўсходзе – з Беларуссю.
Арсен Рудэнка belsat.eu