У розных гарадах Грузіі пройдуць жаночыя маршы супраць закону аб замежных агентах


У Грузіі працягваюцца пратэсты супраць законапраекту аб замежных агентах, які быў прыняты парламентам 17 красавіка. На суботу 20 красавіка запланаваныя шматлікія жаночыя маршы.

Тысячы дэманстрантаў перакрываюць шашы, каб прайсці да будынку парламенту ў рамках пратэсту супраць законапраекта аб «замежных агентах». Тбілісі, Грузія. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Davit Kachkachishvili / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Пратэстоўцы раніцай зноў сабраліся ля будынку парламенту ў Тбілісі. Пазней яны накіраваліся да Дому юстыцыі ды прыйшлі на плошчу Герояў, дзе пакляліся не даць ураду прыняць закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Дэманстранты адзначылі, што яны ніколі не дапусцяць прыняцця такога закону, які будзе пагражаць незалежнасці і суверэнітэту краіны, перадае «Грузия Online».

«Мы ніколі не адмовімся ад свабоды грамадзяніна, мы ніколі не прымірымся з сілай, якая імкнецца саступіць нашу краіну ворагу, Расеі. Давайце абаронім дзяржаўнасць Грузіі, нашу айчыну і адзінства. Няхай жыве незалежная адзіная Грузія», – заявілі пратэстоўцы падчас клятвы.

А 17:00 паводле мясцовага часу ў Тбілісі, Кутаісі, Горы, Марнэулі, Ахмета, Балнісі, Батумі, Азургеці і Цноры пачнуцца жаночыя маршы, каб запатрабаваць адклікання спрэчнага законапраекта.

Законапраект аб замежных агентах яны разглядаюць у адным кантэксце з нядаўнім рашэннем аб адмене гендарных квотаў. Яны баяцца, што праз гэтыя ініцыятывы ў парламенце не застанецца абаронцаў інтарэсаў жанчын, а незалежныя медыі, якія асвятлялі іх праблемы, перастануць існаваць.

«Расейскі закон і адмена гендарных квот даследуюць агульную мэту – утрыманне ўлады… Мы заклікаем парламент прыслухацца да голасу жанчын», – цытуе заяву NEWSGEORGIA

Грузінскі парламент у сераду, 17 красавіка, зацвердзіў у першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Як паведамляюць мясцовыя СМІ, яго падтрымалі 83 дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні. Апазіцыя байкатавала галасаванне, прэзідэнтка паабяцала накласці вета на праект. З панядзелка, 15 красавіка, у Грузіі праходзяць пратэсты супраць прыняцця дакументу. У Еўропе папярэджваюць, што яго прыняцце аддаліць Грузію ад уступлення ў ЕЗ.

Гэтая ўжо другая спроба прыняцця законапраекту аб замежных агентах. Мінулая была зробленая ў 2023 годзе, але тады дакумент быў адкліканы з прычыны масавых пратэстаў.

Разбор
Бойка ў парламенце і пратэсты на вуліцы. У Грузіі зноў прымаюць закон пра замежных агентаў
2024.04.15 17:15

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў