Спікер Каардынацыйнай рады днём 2 красавіка даваў прэс-канферэнцыю, у якой расказваў пра арганізацыю выбараў новага складу КР. Проста падчас гэтага прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету перадала заяву з крытыкай арганізацыі выбараў. Аказалася, рашэнне пра выбары прынялі, не дачакаўшыся Ціханоўскай. Пад ноч АПК паведаміў, што правёў перамовы з КР, бакі прыйшлі да згоды.
Выбары новага складу Каардынацыйнай рады задумалі правесці 25–28 траўня ў онлайн-фармаце з галасаваннем за спісы кандыдатаў паводле сістэмы, у нечым падобнай да парламенцкіх выбараў у Ізраілі. Аб’яднаны пераходны кабінет падчас прэс-канферэнцыі КР заявіў, што правядзенне выбараў не падрыхтаванае, а рашэнне аб выбарах павінна было быць прынятае «ўсімі асноўнымі палітычнымі актарамі». Спікер КР Андрэй Ягораў прызнаў, што рашэнне аб выбарах прынялі без ухвалення з боку выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, бо КР «не можа далей зацягваць працэс бясконцых узгадненняў».
Познім вечарам 2 красавіка прэс-служба АПК паведаміла, што пасля прэс-канферэнцыі «адбыліся грунтоўныя перамовы лідарскіх складаў трох суб’ектаў»: АПК, КР і Офісу Святланы Ціханоўскай.
«Падчас перамоў былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасці, рэалізацыя якіх павінна пазітыўна паўплываць на сітуацыю вакол выбараў у КР, – напісала прэс-служба АПК. – З гэтай прычыны было прынятае рашэнне часова ўстрымаюцца ад камунікацыі па гэтым пытанні з боку Кабінету і Офісу, зыходзячы з таго, што дасягнутыя дамоўленасці будуць выкананыя дзейным кіраўніцтвам КР».
Андрэй Ягораў растлумачыў «Белсату»:
«З боку Каардынацыйнай рады было выразна і адназначна агучана, што ўсе ўмовы правядзення выбараў, прадстаўленыя намі, застаюцца нязменнымі і будуць рэалізаваныя адпаведна ўсталяваным тэрмінам, а менавіта 25-28 траўня».
«Гэтыя ўмовы былі распрацаваныя як аснова для правядзення справядлівых і празрыстых выбараў, якія адпавядаюць патрабаванням і чаканням грамадзянаў Беларусі», – дадаў Ягораў.
Па тлумачэнні адносна дамоўленасцяў з АПК ён параіў звярнуцца да АПК і адзначыў: «Каардынацыйная рада імкнецца да адкрытасці і празрыстасці ва ўсіх аспектах сваёй працы і чакае таго ж ад нашых партнёраў і калегаў».
Ягораў запэўніў, што КР «працягвае працу, накіраваную на дасягненне нашых агульных мэтаў – забеспячэння ўмоваў для правядзення дэмакратычных выбараў і пабудовы справядлівага грамадства».
Пра тое, як КР планавала зладзіць выбары і што не спадабалася АПК, падрабязней чытайце тут:
Алесь Наваборскі belsat.eu